Новости проекта
Перенос и удаление уроков
Внесение изменений в личные данные
Голосование
Как Вам новый сайт?
Всего 75 человек

История школы

Дата: 30 августа 2016 в 19:18, Обновлено 1 сентября 2016 в 17:15

З гісторыі Пухавіцкай сярэдняй школы

 

Школа – гэта месца, дзе не проста атрымоўваеш веды, але і знаходзіш сапраўдных сяброў, перажываеш першыя радасці, а магчыма, і першыя расчараванні. Пераступіўшы ў шасці- сямігадовым узросце прыступкі школьнага будынка, кожны з нас праз усё жыццё з замілаваннем у душы і сэрцы праносіць успаміны пра самыя бестурботныя дні. Бо якімі б несправядлівымі не здаваліся дзіцячыя і юнацкія цяжкасці, побач былі настаўнікі, якія вучылі жыць, шукаць і верыць. Кожнай раніцай яны сустракаюць сваіх выхаванцаў з добрай усмешкай на твары – гэта значыць, што рады бачыць дзяцей, што чакаюць іх. Ніхто, напэўна не стане спрачацца, што чакаюць там, дзе любяць. А месца, дзе нас любяць, мы з упэўненасцю называем домам. Школа становіцца домам не толькі на час навучання. Яна застаецца ім і тады, калі мы прыводзім вучыцца сваіх дзяцей, унукаў.  Аднакласнікаў і настаўнікаў мы лічым сваёй сям’ёй, бо маем старонкі жыцця гэтай сям’і, запоўненыя поспехамі, дасягненнямі і традыцыямі.Часам строгія, іншы раз стрыманыя, але заўсёды мудрыя настаўнікі вядуць нас на пачатку жыццёвага шляху, ахоўваючы ад праблем і перашкод. Як родныя бацькі, яны напаўняюць будучае чароўным светам ведаў, вопыту, мудрасці.

Адчуванне, што ты  дома, не пакідае наведвальнікаў Пухавіцкай школы, якая 150 год назад гасцінна адчыніла дзверы ў свет ведаў.                                           

Вёска Пухавічы, дзе 16 лістапада 1863 года пачало дзейнічаць пачатковае народнае вучылішча, - месца для нашага рэгіёна адметнае. Менавіта гэты населены пункт даў назву Пухавіцкаму раёну, хоць “сталіцай” Пухавічы з’яўляліся толькі адзін год – з ліпеня 1924 па ліпень 1925 года. Наступствам вялікага пажару, што знішчыў большую частку мястэчка, стаў перанос адміністрацыйнага цэнтра ў горад з прыгожай назвай Мар’іна Горка. Але на назву раёна гэта не паўплывала – ён так і застаўся Пухавіцкім. Цяжка растлумачыць гасцям раёна, чаму, выходзячы на чыгуначным прыпынку Пухавічы, трапляеш у Мар’іну Горку. Каб апынуцца ў самой вёсцы, трэба пераадолець яшчэ 10 кіламетраў. Зразумела, што славяцца Пухавічы не гэтым парадоксам, а сваёй слаўнай гісторыяй.

З’яўленне навучальнай установы стала адной з самых значных падзей у гісторыі вёскі Пухавічы. Ужо праз год пасля яе адкрыцця на грошы мясцовых жыхароў быў узведзены цагляны будынак, куды спяшаліся атрымаць веды мясцовыя хлопчыкі. Скупыя архіўныя звесткі сведчаць, што ў 1864 годе іх займалася 27. Настаўнічаў  у вучылішчы выпускнік Нясвіжскай семінарыі Грынько. На ўтрыманне навучальнай установы казна штогод выдзяляла 200 рублёў. З цягам часу прыйшлі вучыцца і дзяўчынкі. Вядома, што ў 1884 годзе школу наведвалі 10 дзяўчынак і 32 хлопчыкі. Пашырыўся і штат настаўнікаў: у перыяд з 1904 па 1908 год тут працавалі К.Рудакоўскі, М.Бабейка, В.Бабейка, М.Лабоцкая, Н.Ярмак, А.Ягорка.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі школе перадалі трохпавярховы драўляны  будынак, які пабудаваў у 1903 годзе маскоўскі фальшываманетчык, што ладзіў свой “бізнас” у Пухавічах.                                                                                 У савецкі час вучылішча было пераўтворана ў сямігодку, а ў 1937 годзе адбыўся першы выпуск сярэдняй школы. У гады Вялікай Айчыннай вайны многія з настаўнікаў і былых вучняў змагаліся на фронце, у партызанскіх атрадах. У Пухавіцкай сярэдняй школе вучыліся будучыя героі Савецкага Саюза Шут М.К. і Тарлоўскі В.І. Адразу пасля вызвалення Беларусі, у 1944 годзе, школа аднавіла  сваю асветніцкую дзейнасць, і ў 1949 годзе 14 вучняў атрымалі атэстаты сталасці. Шмат зрабілі для аднаўлення школы і стварэння яе матэрыяльнай базы дырэктары П.М. Паўловіч, які ўзначальваў навучальную ўстанову ў 1944 – 1946 гадах, і А.І. Сіротка (з 1946 па 1965 год).

Было вельмі цяжка, але навучальны працэс працягваўся. Сёння многія вучні малодшых класаў калі наведваюць школьны музей, са здзіўленнем глядзяць на сваіх аднагодкаў з далёкага 1947 года, якія вельмі сур’ёзна разам з класным кіраўніком пазіраюць у аб’ектыў фотаапарата. Здзіўленне малодшых школьнікаў выклікае тое, што добрая палова класа “пазіруе” басанож. Як і ўвесь гераічны беларускі народ, нягледзячы на  пасляваенныя праблемы, педагагічны калектыў Пухавіцкай СШ працягваў сваю асветніцкую дзейнасць.

У 1964 годзе быў пабудаваны трохпавярховы будынак школы на 640 вучнёўскіх месцаў. Шматлікія кабінеты былі абсталяваны ў адпаведнасці з тагачаснымі патрабаваннямі.

Хочацца прыгадаць прозвішчы дырэктараў, што ўзначальвалі навучальную ўстанову адукацыі з 1965 года. Гэта былі таленавітыя педагогі і кіраўнікі:   Яковін Уладзімір Аляксандравіч ( з 1965 па 1984 гады),   Ралькевіч  Ала Васільеўна ( з 1984 па 1993 гады), Прысяжнюк Уладзімір Рыгоравіч ( з 1994 па 1997 гады). Усе яны ўнеслі значны ўклад у развіццё адукацыі на Пухавіччыне. З 1997 года іх высакародную справу працягвае Валянціна Сяргееўна Бяседзіна, выпускніца Пухавіцкай школы, сапраўдны майстар сваёй справы.

        З павагай і цеплынёй узгадваем заслужанага настаўніка БССР В.І. Бялугіну, настаўнікаў Т.П. Лапко, З.І. Корань, Г.А. Свірыдовіч, М.У. Мікульчык, Л.І. Меткалік, Н.І. Кавалёнак, Я.М. Якавіцкага, Т.В. Якавіцкую, Л.С. Халецкую, Н.Ф. Суддзеву, Т.А. Кавалёву, З.І. Уразаву, Л.Э. Якубіцкую

       Сёння ў Пухавіцкай сярэдняй школе вучыцца 218 школьнікі з Пухавіч і навакольных вёсак. Заняткі праводзяцца ў адну змену, але на гэтым школьнае жыццё не спыняецца. Другая палова дня прысвечана факультатыўным і спартыўным заняткам, працы ў аб’яднаннях па інтарэсам. Вучні наведваюць факультатыўныя заняткі гуманітарнага, прыродна-матэматычнага, творчага, спартыўнага накірункаў, заняткі па фарміраванні беражлівых адносін і здаровага ладу жыцця. Работа ў аб’яднаннях па інтарэсам дае магчымасць дзецям выбраць заняткі, якія іх цікавяць: наведаць спартыўныя секцыі баскетбола, настольнага тэніса; заняткі па выяўленчаму, дэкаратыўна-прыкладному мастацтву, музейнай справе, інфарматыцы. Навучэнцы з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі ў навукова-практычных канферэнцыях, прадметных алімпіядаў, інтэлектуальных і творчых конкурсах розных накірункаў.

     Працуе ў школе 25 настаўнікаў, амаль што ўсе з вышэйшай і першай кваліфікацыйнай катэгорыяй. Прыемна адзначыць, што 13 педагогаў – выпускнікі школы розных гадоў. Дзейнічае 3 метадычныя аб’яднанні настаўнікаў-прадметнікаў, метадычнае аб’яднанне класных кіраўнікоў. У навучальнай установе для атрымання якаснай адукацыі ёсць наяўнасць высокакваліфікаваных педагогаў і нядрэнная матэрыяльная база. Гэта – 13 вучэбных кабінетаў, актавая, спартыўная, трэнажорная залы, сталовая, музей, бібліятэка, стадыён, спартыўныя пляцоўкі, кабінет інфарматыкі з сучасным абсталяваннем, майстэрні, прышкольны ўчастак.

Дзейнасць Пухавіцкай сярэдняй школы скіравана на стварэнне спрыяльных умоў для усебаковага развіцця асобы з улікам індывідуальных здольнасцей, схільнасцей і адукацыйных запытаў.

Мяняецца час. Адно пакаленне змяняе другое, але школа застаецца родным домам для тых, хто вучыўся, вучыцца і вучыць. Кожны, хто завітаў сюды, набывае веру ў свае справы, упэўненасць у будучым, адчуванне дасягнення самых складаных высот. Той, хто аднойчы прайшоў праз адчыненыя вароты ў школьны двор, палюбіў і запомніў прыгожыя квяцістыя алеі, па якіх хочацца прайсціся зноў. Хто трапіў у школьны будынак, адчуў утульнасць прасторных  карыдораў, напоўненых дзіцячым смехам, гасціннасць вучэбных кабінетаў, у якіх абавязкова спазнаеш новае. І, канечне, нікога не аставяць абыякавымі прыветлівасць і шчырасць гаспадароў гэтага вялікага дома. І ў той момант, калі бачыш прыемныя ўсмешкі, бляск на тварах усіх членаў сям’і па прозвішчы Школа, разумееш, што сюды хочацца вяртацца зноў і зноў.

 

 

   

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.